Архіў_Асоба
Лявон Даманскі (1899 - 1972) нарадзіўся сям'і Тадэвуша і Ганны з роду Ванковічаў у Заляддзі Слуцкага раёна.
Скончыў Слуцкую гімназію і эканамічны факультэт у Познаньскім універсітэце. Даманскія цесна пароднены з Вайніловічамі. Дзед Лявона і яго брат былі жанатыя на сёстрах - дочках Тадэвуша Вайніловіча. Брат дзеда Адам Даманскі пахаваны ў Слуцку, быў жанаты 3 разы. 2-я жонка Эмілія - дачка Тадэвуша Вайніловіча.
Яго дзед Леанард быў жанаты на другой дачцэ Тадэвуша Вайніловіча Сафіі, уладальніцы Клярымонтаў. Лявон з братам Зыгмунтам былі апошнімі ўладальнікамі Клярымонтаў.
Прадзед Лявона Віктарыян Міхайлавіч Даманскі быў суддзёй Слуцкага павета, уладальнікам Беліч, Чыжэвіч і былой радзівілаўскай сядзібы ў в. Заляддзе.
У доме ў Заляддзі была аранжарэя, бібліятэка, меўся таксама хатні архіў. Мэбля была выканана на заказ і па апошняй модзе, на сценах віселі партрэты, упрыгожаннем да стала былі прадметы з саксонскага фарфору (сервізы, чайнікі, статуэткі). Сядзібу акружаў велічны парк, які здзіўляў разнастайнасцю кустоў і дрэў не толькі мясцовую шляхту, але і прыезджых гасцей.
Пасля Першай сусветнай вайны Даманскія страцілі ўсе свае сядзібы і з'ехалі ў Варшаву.