Архіў_Асоба
Лявон Іванавіч Вітан-Дубейкаўскі ўвайшоў у гісторыю Беларусі як таленавіты архітэктар, адзін з пачынальнікаў сучаснай нацыянальнай дойлідскай школы, грамадскі дзеяч.
Ужо з пачатку 1890-х гг. кіраваў аднаўленнем касцёлаў у Мсціславе, Магілёве, Оршы, Крычаве і інш. У час працы над рэканструкцыяй касцёла ў Смалянах (зараз аграгарадок у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці) пазнаёміўся з вядомым расійскім архітэктарам Л.Ф. Даўкшам, які аказаў значнае ўздзеянне на яго далейшую прафесійную дзейнасць. Акрамя архітэктуры ў гэты перыяд зацікавіўся літаратурай на роднай мове: шмат чытаў, збіраў і апрацоўваў беларускі фальклор, напісаў сацыяльна-вострыя творы, скіраваныя супраць царызму, вайны, антыгуманных сацыяльных умоў (байка «Цягне воўк – пацягнуць воўка!» (1892), верш «Бура» (1893) і інш.).
З 1896 г. Вітан-Дубейкаўскі жыў у Смаленску, дзе кіраваў будаўніцтвам каменнага касцёла. У 1897 г. ён адкрыў у горадзе будаўнічую кантору «Таварыства Л. Дубейкаўскі і Ко», якая выконвала будаўнічыя, інжынерна-праектныя, бетонныя і рэстаўрацыйныя работы, а праз год – фабрыку жалезабетонных вырабаў, першую ў Паўночна-Заходнім краі. У гэты ж перыяд завяршыў будаўніцтва каменных цэркваў у г. п. Манастыршчына і г. Ярцава, каменнага дома скарбніцы ў г. Вязьма (зараз усе ў Смаленскай вобласці, Расія), будынка гарадской пошты ў Смаленску.
Пасля рэвалюцыі 1905 г. Вітан-Дубейкаўскі прадаў фабрыку і выехаў у Парыж для працягу адукацыі. У 1907–1909 гг. вывучаў еўрапейскае дойлідства ў Французскай акадэміі архітэктуры. Атрымаўшы дыплом архітэктара-мастака, некаторы час працаваў у прыватным архітэктурна-будаўнічым бюро, потым стварыў уласную праектную фірму па будаўніцтве прамысловых і жылых дамоў у Варшаве.
Пасля Першай сусветнай вайны Л.І. Вітан-Дубейкаўскі некаторы час жыў у Расіі, потым вярнуўся ў Беларусь. Удзельнічаў у беларускім нацыянальна-культурным руху, садзейнічаў дзейнасці клуба «Беларуская хатка», чытаў папулярныя лекцыі па будаўніцтве на беларускіх настаўніцкіх курсах у Вільні і Гродне, клапаціўся аб дзіцячых прытулках.
З 1922 г. Вітан-Дубейкаўскі працаваў у Вільні, вёў прыватную архітэктурную практыку. Сярод праектаў гэтага перыяду: Відзаўская Успенская царква (1922) і Дрысвяцкі Петрапаўлаўскі касцёл (1924) у Віцебскай вобласці. Кіраваў таксама перабудовай факультэта мастацтваў Вiленскага ўнiверсітэта, пабудаваў шэраг прыватных дамоў і ўласную сядзiбу ў Вiльнi, рэстаўрыраваў манастыры бернардзінцаў і францысканцаў.
У 1925 г. архітэктар заснаваў і ўзначаліў у Вільні мулярскую школу, у якой вялася падрыхтоўка будаўнікоў-муляраў і цесляроў. У 1927–1929 гг. быў пабудаваны драўляны касцёл у мястэчку Дрысвяты (зараз вёска ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці).
Шмат часу архітэктар прысвяціў грамадскай дзейнасці: быў старшынёй парафіяльнай рады касцёла Святога Мікалая ў Вільні, супрацоўнічаў з Беларускім інстытутам гаспадаркі і культуры, дапамагаў у выданні газеты «Беларускі фронт».
У 1934–1938 гг. кіраваў аднаўленнем Марыянскага манастыра ў Друі (зараз аграгарадок у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці). У 1940 г. напісаў працу «Эвалюцыя і рэформа драўлянага будаўніцтва» (засталася ў рукапісе), у якой спрабаваў распрацаваць тэорыю беларускага нацыянальнага дойлідства. Асабістыя дакументы Вітан-Дубейкаўскага, у тым ліку рукапісы твораў, захоўваюцца зараз у архівах Мінска, Вільнюса і Нью-Ёрка.