Архіў_Асоба
Людміла Іванаўна Краскоўска — славацкі гісторык, археолаг, літаратар, дзеяч навукі, культуры і мастацтва. Кандыдат гістарычных навук. Дачка беларускага грамадскага дзеяча, педагога Івана Краскоўскага.
Нарадзілася 26 чэрвеня (9 ліпеня) 1904 года ў Вільні. Да выезду ў бежанства ў 1915 г. вучылася ў віленскай школе. Разам з сям’ёй жыла ў Кіеве, Тыфлісе. У 1921 годзе праз Стамбул, Афіны, Вену, Берлін, Коўна сям’я вярнулася ў Вільню, дзе Людміла паступіла ў 7-ы клас Беларускай гімназіі. Дапамагаючы І. Луцкевічу, заахвоцілася вывучэннем музейнай справы, старажытнасцяў, матэрыяльнай культуры продкаў.
Пасля пераезду сям’і ў Дзвінск у 1922 годзе паступіла ў 10-ы клас Дзвінскай беларускай дзяржаўнай гімназіі. Разам з П. Мірановічам удзельнічала ў мастацкім афармленні спектакляў.
З 1924 года стыпендыят чэшскага ўрада, жыла ў Празе. Вучылася адначасова ў дзвюх пражскіх навучальных установах: Карлавым універсітэце (1924—1929) і Украінскім вышэйшым педагагічным інстытуце імя М. Драгаманава[uk] (1924—1927), вывучала археалогію, гісторыю мастацтваў. У 1929—1931 гг. працавала навуковым кіраўніком у Нацыянальным музеі ў Празе. У 1930 годзе абараніла дысертацыю «Заходнія ўплывы ў архітэктуры X—XIII стагоддзяў ва ўсходніх славян». Надалей пытаннямі гісторыі архітэктуры не займалася, у сферу навуковых інтарэсаў Л. Краскоўскай увайшлі музейная справа, нумізматыка, археалогія. З 1931 па 1988 г. загадвала археалагічным аддзелам Славацкага нацыянальнага музея (Браціслава). Адна з заснавальнікаў сучаснай славацкай археалогіі, стала першай жанчынай у пасляваеннай Чэхаславакіі — кандыдатам гістарычных навук.
У 1927 і 1929 гг. наведвала бацькоў у Менску, а ў 1936 годзе на іх высылцы ў г. Куйбышаве. Яе рэпрэсаваныя два браты загінулі.
У 1952 годзе дамаглася перавезці былога ссыльнага, хворага бацьку ў Браціславу. Архіў яго перадала ў Цэнтральную бібліятэку НАН Беларусі.
Людмілай Краскоўскай было праведзена больш як 50 археалагічных раскопак. Аўтар 4 кніг па археалогіі на славацкай і англійскай мовах, напісала каля 270 артыкулаў па археалогіі, нумізматыцы. Брала ўдзел у навуковых канферэнцыях, з’ездах у Польшчы, Венгрыі, Германіі, Югаславіі, Аўстрыі, Балгарыі, Румыніі, СССР.
У 1920—1930-х гадах Л. Краскоўская падтрымлівала цесныя сувязі з прадстаўнікамі розных пакаленняў дзеячаў беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, якія пры сваім непасрэдным удзеле ці апасродкавана вызначалі (ці сведчылі) беларускі палітычны спектр, былі ў авангардзе беларускага культурна-асветніцкага руху ў тагачаснай Празе. Л. Краскоўская была вельмі дасведчанай у пытаннях беларускай грамадска-палітычнай, культурнай чыннасці ў Чэхаславакіі міжваеннага перыяду (1920—1938 гг.).
У асабістым архіве шмат дзесяцігоддзяў захоўвала дакументы гэтага часу, у тым ліку перапіску з У. Пігулеўскім, Я. Варонкам, Ю. Дрэйзіным, кнігі з дарчымі надпісамі.
Была асабіста знаёмая з У. Жылкам. Амаль 45 год вяла перапіску з У. Калеснікам, які займаўся зборам, асэнсаваннем і выданнем творчай спадчыны У. Жылкі.
Памерла 26 чэрвеня 1999 года, у дзень свайго нараджэння, сустрэўшы 95-гадовы юбілей. Пахавана побач з бацькам на браціслаўскіх могілках Славічча удалле