Архіў_Асоба

Сяргей Пятровіч Сахараў — беларускі фалькларыст, этнограф, царкоўны гісторык, публіцыст, педагог.
Нарадзіўся ў сям’і псаломшчыка. Скончыў Полацкае духоўнае вучылішча(1895),Віцебскую духоўную семінарыю(1901). Да 1906 года настаўнічаў у Люцынскім павеце і ў Люцыне.
У 1906 годзе апублікаваў першы запісаны ім народны твор «Люцинская легенда о старом замке».
У 1907—1911 гадах вучыўся на юрыдычным факультэце Юр'еўскага (Тартускага) ўніверсітэта, тэма дысертацыі: «О Предсоборном присутствии», выдадзена ў 2-х тамах у Юр'еве ў 1910 і 1915; адначасова слухаў лекцыі на гісторыка-філалагічным факультэце.
З 1911 года выкладаў у Віцебску ў гімназіях і настаўніцкім інстытуце; адначасова працаваў сакратаром Віцебскай архіўнай камісіі. У 1913 прызначаны інспектарам народных вучылішч 3-га раёна ў Юр'еве.
З 27 лістапада 1917 да 1 верасня 1922 года — дырэктар Люцынскай гарадской (рускай) гімназіі. З 1921 года старшыня беларускага грамадскага культурна-асветнага таварыства «Бацькаўшчына». З пачатку 1922 года жыў у Рызе, з 18 кастрычніка 1921 да 21 студзеня 1925 года — кіраўнік беларускага аддзела Міністэрства асветы Латвіі. Пасля ліквідацыі ў 1925 годзе беларускага аддзела — дырэктар Дзвінскай беларускай гімназіі.
У 1932 годзе гімназія ліквідавана, Сяргей Сахараў адпраўлены на пенсію. Пераехаў у Рыгу, актыўна заняўся гісторыка-літаратурнай працай, запісваў беларускі фальклор Латгаліі. У 1935—1938 гадах зрабіў гісторыка-статыстычнае апісанне «Православные церкви в Латгалии» (па заданні сінода Латвійскай Праваслаўнай Царквы) і даследаванне «Народная творчасць латгальскіх і лукстэнскіх беларусаў». У 1940 годзе вярнуўся да выкладчыцкай дзейнасці, працаваў у беларускіх і рускіх школах. З 1 кастрычніка 1940 да сярэдзіны снежня 1941 года працаваў у вячэрняй беларускай школе ў Рызе. У 1942—1944 гадах узначальваў беларускія гімназіі ў Індры і Зілупэ.
Арыштаваны 9 ліпеня 1945 года. Абвінавачваўся ў «антысавецкай агітацыі» і іншым. Асуджаны да 5 гадоў працоўна-папраўчых лагераў. Пакаранне адбываў у лагерах Карабас і Батык (Казахстан). Вярнуўся ў Латвію ў 1950 годзе.