Архіў_Асоба
Зыгмунт Фларэнты Урублеўскі - фізік, прыхильнік паўстання 1863 года.
У 1862 г. скончыў гімназію ў Гродне і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт універсітэта Св. Уладзіміра ў Кіеве.
У час паўстання 1863 года вярнуўся ў Гродна, прызначаны сакратаром пры паўстанцкім начальніку Гродзенскага ваяводства, функцыі якога ў той момант выконваў Станіслаў Сільвестровіч, яго стрыечны брат. Паводле паказанняў З. Урублеўскага, дадзеных у Гродзенскай губернскай ваенна-следчай камісіі, ён спадзяваўся ўступіць у паўстанцкі атрад, але пасля прыезду ў Гродна не змог выйсці на ўдзельнікаў падпольных рэвалюцыйных структур. У маі 1863 г. атрымаў прапанову ад С. Сільвестровіча перапісваць паўстанцкія дакументы. Арыштаваны 10.8.1863.
Прывезены ў Надзвычайную следчую камісію ў Вільні. Сасланы на 6 гадоў у Сібір. 2 гады правёў у Томску, затым пераведзены ў Цывільск Казанскай губерні.
Амніставаны ў 1869, вярнуўся ў Беларусь, пасля выехаў на вучобу ў Берлінскі ўніверсітэт. Працаваў у фізічных лабараторыях Германіі і Францыі пад кіраўніцтвам славутых фізікаў Г. Гельмгольца, Г. Кірхгофа, А. Кунта. У 1874 у Мюнхене абараніў дысертацыю на ступень доктара «Эксперыментальнае даследаванне магчымасці ўзбуджэння электрычнасці механічнымі сродкамі». У 1876 у Страсбургу абараніў габілітацыйную працу «Аб дыфузіі газаў праз абсарбавальныя субстанцыі», на якую станоўчы водгук даў сусветна вядомы фізік Дж. Максвел.
У 1882 заняў пасаду загадчыка кафедры фізікі Ягелонскага ўніверсітэта, з 1888 дэкан фізічнага факультэта. Ездзячы па Еўропе набываў каштоўнае абсталяванне для эксперыментаў. У 1883 арганізаваў у Ягелонскім універсітэце фізічную лабараторыю, дзе ў красавіку 1884 сумесна з К. Альшэўскім упершыню ў свеце атрымаў вадкі кісларод. 3 дапамогай яго як ахаладжальніка ператварыў у вадкасць азот, вокіс вугляроду і вадарод. Упершыню вызначыў крытычныя тэмпературы вокісу вугляроду, кіслароду i азоту. Працы Урублеўскага канчаткова абверглі метафізічнае вучэнне аб так званых «пастаянных газах» (г.зн. несціскальных) i далі пачатак шырокім даследаванням у галіне звадкавання газаў. Выканаў першыя ў свеце даследаванні электраправоднасці металаў пры нізкіх тэмпературах.
У 1883 абраны членам-карэспандэнтам Польскай акадэміі навук, у 1886 — Акадэміі навук у Вене. Ганаровы член Таварыства фізікі ў Жэневе (Швейцарыя).
Трагічна загінуў у выніку пажару ў фізічнай лабараторыі 25 сакавіка 1888 г. З. Урублеўскі выліў на вопратку змесціва газавай лямпы і загарэўся. Памёр 16 красавіка ў выніку моцных апёкаў. Пахаваны на Ракавіцкіх могілках у Кракаве. Памятныя дошкі ўстаноўлены ў касцёле Св. Ганны ў Кракаве і ў Фарным касцёле ў Гродне. Яго імем названы кратар на Месяцы.